У госці да любімых песняроў

12.04.2022
Навучэнцы педагагічнага аддзялення Барысаўскага дзяржаўнага каледжа здзейснілі экскурсію ў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Спачатку яны наведалі дом Купалы, дзе пазнаёміліся з жыццём і творчасцю народнага паэта Беларусі. Будучых настаўнікаў і выхавальнікаў прыемна ўразілі новыя экспазіцыі з выкарыстаннем сучасных мультымедыйных тэхналогій, яны пабачылі каштоўныя дакументы і фотаздымкі, што захоўваюцца ў музейных фондах. Навучэнцы мелі ўнікальную магчымасць адчуць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі традыцыйнага свята Купалле, дзякуючы прагляду фільма, які дэманструецца ў фармаце 3D; пачуць голас песняра, убачыць рукапісы Янкі Купалы, яго адзенне і рэчы, якімі карыстаўся.

У музеі Якуба Коласа вучні пазнаёміліся з тым, як жыў Кастусь Міцкевіч у розныя часы, якая ў яго была сям’я; даведаліся аб вучобе ў настаўніцкай семінарыі, аб працы настаўнікам, першых творах пісьменніка і падручніках, якія выдаў Канстанцін Міхайлавіч і якімі доўгі час карысталіся не толькі вучні, але і будучыя настаўнікі.

У мемарыяльнай частцы, якая знаходзіцца на другім паверсе, узноўлены інтэр’ер пакояў, дзе жыла сям’я Коласа. Атмасферу побыту ствараюць канапа, на якой сядзеў Колас, першы тэлевізар, рабочы стол, за якім працаваў, кнігі, якія Якуб Колас чытаў, падарункі сяброў-пісьменнікаў да 70-гадовага юбілею.

Літаральна ўсё было цікава навучэнцам, бо праз некаторы час яны самі будуць знаёміць сваіх выхаванцаў з класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам і Якубам Коласам, якім у 2022 годзе спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння.

 

Фотогалерея: