Гучы, іскрыся, «Светлае слова»!

28.12.2021
Ва ўстанове адукацыі «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж» адбылося свята.

У актавай зале каледжа з нагоды правядзення заключнага мерапрыемства III раённага літаратурна-музычнага фестывалю «Светлае слова» сустрэліся адзінадумцы: людзі, якіх аб’ядноўвае мэта папулярызацыі беларускай мовы і мастацкага чытання сярод жыхароў Вілейшчыны, фарміравання ў моладзі станоўчых рыс характару і пачуцця патрыятызму.

Са шчырымі прывітальнымі словамі ў пачатку мерапрыемства да прысутных звярнулася Таццяна Мікалаеўна Захарыч, дырэктар Цэнтра эстэтычнага выхавання ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Вілейскага раёна». Таццяна Мікалаеўна адзначыла, што час напярэдадні Новага года і Раства – найлепшы для падвядзення вынікаў зробленага за год, а таксама для складання новых планаў на будучае.

Фестываль «Светлае слова» ужо шмат гадоў з’яўляецца візітнай карткай Вілейшчыны. Творчыя сустрэчы, літаратурныя і музычныя гасцёўні, конкурсы чытальнікаў беларускай прозы, паэзіі з поспехам праходзяць ва ўстановах адукацыі і культуры раёна, маюць добрыя вынікі ў выхаванні падрастаючага пакалення. Сведчаннем гэтаму сталі ўзнагароды, якімі ў дзень завяршэння фестывалю была адзначана плённая праца арганізатараў і ўдзельнікаў фестывальных мерапрыемстваў.

Дыпломамі III раёнага літаратурна-музычнага фестывалю «Светлае слова» былі ўзнагароджаны: спецыяліст ўпраўлення па адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама Ірына Фёдараўна Бадзеева, удзельнікі народнай эстраднай студыі аўтарскай песні «Імпэт» (кіраўнік Галіна Віктараўна Кутас), навучэнцы і педагогі ДУА «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж», «Ільянскі яслі-сад», «Ільянская сярэдняя школа імя А. А. Грымаця», «Рабунскі ВПК дзіцячы сад – базавая школа», «Залескі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа».

Пасля ўрачыстасцяў, калі былі агучаны імёны арганізатараў, дыпламантаў і пераможцаў фестывалю, выказаны словы падзякі, прысутныя ў зале атрымалі магчымасць ў поўнай меры акунуцца ў атмасферу асяроддзя беларускай культуры.

Канцэртная частка мерапрыемства была складзена з мастацкіх нумароў, якія прагучалі са сцэны ў выкананні артыстаў студыі аўтарскай песні «Імпэт», а таксама ўдзельнікаў гурткоў мастацкай самадзейнасці Ільянскага каледжа.

Фотогалерея: