«Тэрыторыя лета» на Гарадзішчы
18.06.2021Маршрут вёска Ведрыца – Гарадзішча – крыніца Галкоўскага дапамог набыць яшчэ і краязнаўчыя веды пра гісторыка-культурную каштоўнасць помніка Гарадзішча, вядомага з VI ст. да н. э.
У адзін цёплы дзень чэрвеня 28 выхаванцаў (ад 6 да 14 гадоў) накіраваліся па выбраным маршруце. Шлях быў не зусім блізкі, але ніхто не паказаў стомленасці. Лясная дарога была звілістай, акаймаваная хвоямі, бярозамі, арэшнікам і ельнікам. Юныя вандроўнікі вучыліся распазнаваць іх.
Спыніліся ўсе на стромкім беразе ракі Уса. Спачатку пачысцілі тэрыторыю ад ламачча, паставілі палаткі і распалілі вогнішча. Схіл да ракі быў круты, таму ісці да крыніцы было немагчыма: можна было спаткнуцца і пакаціцца ўніз. Перш за ўсё, зрабілі прыступкі, каб трывала сыходзіць, потым балотную дрыгву заслалі тонкімі бярвеннямі, расставілі перад крынічкай драўляныя калоды, каб можна было прысесці. Выхаванцы пасмакавалі найчысцейшую крынічную сцюдзёную ваду. А яшчэ была печаная бульба, смажанае сала і хлеб. Дзеці рабілі сэлфі на фоне прыгожых рачных мясцін.
Арганізаваць і правесці паход выхаванцам дапамаглі: кіраўнік лагера Захараў В.В.; настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Няхай А.С., Дмухоўскі П.В., Дзенісевіч В.У.; работнікі школьнай сталовай. Іх удзел дапамог стварыць у выхаванцаў лагера «Тэрыторыя лета» тэрыторыю настрою, пазітыву, жадання яшчэ раз паўтарыць вандроўку.