Нашы дзеці – чытаюць!
24.06.2019Удзельнічаць у паўфінале прыехалі ў Мінск пераможцы ў чатырох узроставых катэгорыях з усіх абласцей Беларусі. Таленавітыя і артыстычныя дзеці чыталі свае любімыя творы на беларускай мове – гэта было сапраўднае свята паэзіі!
Мінскую вобласць на мерапрыемстве прадстаўлялі:
Рабіцкі Станіслаў, навучэнец ДУА “Уздзенская сярэдняя школа № 2 імя Кандрата Крапівы”, які выступаў з вершам Алеся Дудара “Я малады”;
Карага Раман, навучэнец ДУА “Сярэдняя школа № 9 г. Жодзіна”, – з чытаннем твора Уладзіміра Карызны “Дзіўныя чаравікі”;
Маісеенка Глеб, навучэнец ДУА “Азярцоўская сярэдняя школа” Мінскага раёна, які выступаў з казкай Васіля Віткі “Доктар Нос”;
Астапеня Анастасія, навучэнка ДУА “Сярэдняя школа № 6 г. Салігорска”, – з вершам Янкі Сіпакова “Сяўба”.
“Сяджу, слухаю і перажываю разам з дзецьмі творы, якія яны чытаюць. Дзеці пранікнёна чытаюць творы класікаў, пачынальнікаў. Хто сказаў, што нашы дзеці не чытаюць?” – гэтыя словы члена журы конкурсу, пісьменніка, рэдактара часопіса “Вясёлка”, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Ліпскага адлюстроўвалі эмоцыі і думкі ўсіх прысутных.
У фінале конкурсу, які адбудзецца 31 жніўня 2019 года ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці падчас святкавання Дня беларускага пісьменства, Мінскую вобласць будзе прадстаўляць Маісеенка Глеб, навучэнец ДУА “Азярцоўская сярэдняя школа” Мінскага раёна.
Віншуем Глеба з перамогаю ў паўфінале
і жадаем поспеху на заключным этапе конкурсу!